чужыя паперкі

Пару гадоў таму я ўдзельнічаў у разборы бібліятэкі сьвю п. Аляксея Анішчыка. Аляксей Сьцяпанавіч любіў кнігу і любіў зьбіраць кнігі. Калекцыя за доўгія гады сабралася аграмадная, і задача наша была разабраць кнігазбор. Сьмешная канструтрукцыя, але ладна. Трэба было з размаітай і вельмі дзікай калекцыі выбраць каштоўныя асобнікі і падумаць што рабіць з рэштай.

Трапляліся там кнігі і з чужых бібліятэк. Але як мы ўсе ведаем: калекцыянаваньне — моцны наркотык, які штурхае на непрыгожыя ўчынкі ня горш за гераін. Таму асуджэньні тут бессэнсоўныя.

Знайшоў я там і кніжку Лідзіі Арабей “Стану песняй” зь бібліятэкі Арсеня Ліса. Атрыбутаваць знаходку не было складана. Быў там даравальны надпіс ад лаварыскага беларускага краязнаўцы-фальклярыста Антона Янкоўскага.

Кніжку забраў да сябе, каб вярнуць Арсеню Сяргеевічу. Напісаў ліста з ксэракопіямі, але партыярх беларускага літаратуразнаўства папрасіў пакінуць яе ў Вільні. На добрую памяць.

У сувязі з тым, што тэст той дэдыкацыі бязумоўна цікавы, як сьціплая, але вартая даверу крыніца па гісторыі беларускага руху, а таксама таму, што такія сьціплыя тэксьцікі ў часы дзесяціпальцавага мэтаду няма дзе і друкаваць, то публікую яе тут. Каб не прапала. Копіі лішнімі не бываюць.

Даражэнькі, Даражэнькі мне Сын Арсень. Адсылаю Табе твой мне падарунак кніжку, як жа добра напісанаю «Стану Песняй». Мне яна гэтая кніжка, гэта ўспамін дзіцячых гадоў. Гэта 1906 год. Міцкуны, вялікі сход людзей гдзе выступала «Цётка» і майму бацьку дала многа маленкіх лістовак, друкаваных лацінкай на тоненкай курыцельнай бумажцы — «Хрэст на Свабоду». Умелі яго многія, многія людзі старога пакалення. Гэта была «Іскра» нацыянальнаго і сацыяльнаго адражэння ў нашых ваколіцах. «Цётку» я спатыкаў у 1914-1915 г.г. Ў Вільні на вуліцы Завальнай №7 гдзе была Беларуская кнігарня, гдзе жыў Вацлаў Ластоўскі ведамы беларускі дзеяч.

Даражэнькі, дарагія гэта мне ўспаміны, кніжка гэта і ўсё тоя што было звязана з маладосцяй, працай, змаганням. Захавай гэтую кніжку на памяць нашай шчырай дружбы, удзень маіх 80-т лет і цяжкай маей хваробы. Жый доўга, доўга здаравенька як і твая сямейка! Уражайнай табе жадаю працы на беларускай Ніве. Успамінай часам старога дзядулю Янкоўскага з Адамчукоў. Шчыра Вас тулю да сэрца!

Адамчукі, у дзень маіх 80-т гадоў і цяжкай хваробы.

26.0.11.26, 1981 г.

Антон Янкоўскі.

RSS feed | Trackback URI

1 Comment »

Comment by miram
2009-12-06 19:01:17

Да сьлёз.

 
Name (required)
E-mail (required - never shown publicly)
URI
Subscribe to comments via email
Your Comment (smaller size | larger size)
You may use <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong> in your comment.