Салярызацыя. Кіраўскія кронікі.

З нагоды выставы Ман Рэя, якая, як ні дзіўна, праходзіць у Вільні (бо ў яго ўсё ж ковенскія карані і было б лягічней выставу паказаць у Коўна) загаварылі зь сябрам пра такую спецыфічную фатаграфічную тэхніку, як салярызацыя, якую вельмі любіў клясык фатаграфіі. Пра падказальнасьць і паўтаральнасьць вынікаў.

З гэтай нагоды ўзгадаў сьмешную і не такую і даўнюю гісторыю. Начытаўшыся ў фатаграфічаскіх кніжках пра салярызацыю, я спрабаваў атрымаць гэты эфэкт у сваім даркруме (яго ролю выконвала ванна). Падсьвечваў фотапаперу, праводзіў нейкія маніпуляцыі з праяўляльнікамі, але нічога такога не атрымлівалася.

Перавёўшы процьму матэрыялаў, я вырашыў не здавацца і пайсьці да каго навучыцца гэтаму хітраму прыёму фатаграфікі (яшчэ адно забытае слова!). На нашым раёне Кірава быў толькі адзін чалавек, які валодаў сакрэтамі салярызацыі і ізагеліі. Гэта быў стары фатограф. Меў майстэрню ў клюбе. На другім паверсе. Насупраць кабінэту ў якім мелі свае сталы кіраўніцы танцавальна-сьпеўных гурткоў. Прозьвішча яго, здаецца, было Сідлераў. Ягоная жонка была падначаленай майго бацькі. Таму меў нейкія спадзяваньні на тое, што ён возьмецца пасьвяціць мяне тонкасьцям складаных і мутарных фатаграфічаскіх працэсаў.

Хадзіў да яго некалькі разоў. Вёў доўгія размовы у пакоі абвешаным кантрастнымі, складанымі ў выкананьні, але вельмі пасярэднімі здымкамі. Але дзед так і не згадзіўся прыняць мяне ў вучні і раскрыць сакрэты майстэрства. Ужо ня памятаю як прарэагаваў на яго адмову. Хутчэй за ўсё спакойна. Надта патэнцыйны настаўнік аказаўся цяжкім, ды і я ня меў чаму навучыць яго.

Архіў кіраўскага аматара фотаграфікі ў лепшым выпадку ляжыць бяз справы. Нікому цяпер, у эпоху фаташопу нецікавая тая ізагелія (у сетцы так і не знайшоў апісаньня гэтага працэсу) і нават чароўны ФДП (фільтрацыя дэталяў праяўленьнем) якім любілі бяз меры карыстацца савецкія фатографы.

Ды што там кіраўскі дзівак. Вось Міхал Жылінскі. Лічыўся амаль клясікам беларускай фатаграфіі. Клеіў складыя мантажы (сонца друкуем з аднаго негатыву, неба друкуем з іншага, дрэвы — з трэцяга), рабіў хітрыя фотабарэльефы і іншыя ізагеліі. Уклаў столькі працы, каб дасягнуць эфэктаў, якія праз 10 гадоў выйдуць з моды.

Ягоныя працы актыўна друкаваліся ў канцы 80 пачатку 90-ых. Не прайшло і 15 гадоў, а яго імя хіба гісторыкі беларускай фатаграфіі памятаюць. Шкада, таленавіты і вельмі працавіты чалавек, які сваё кароткае жыцьцё паклаў на рэчы, якія сёньня іначай, чым пафасныя падробкі і не назавеш.

RSS feed | Trackback URI

2 Comments »

2009-05-15 17:25:31

Фоты Жылінскага насамрэч дзіўнавата выглядаюць. Калі-б зараз такое рабілася, дык можна было-б назваць кіч з зачосам :)

А Ман Рэя аўтарскія адбіткі прывезьлі?

Comment by Administrator
2009-05-16 16:04:38

У тым і справа, што на выставе ня ўсё аўтарскія адбіткі. Таму і тэма ўзьнікла. Я ня ведаю, як да гэтага ставіцца. Картачкі, зробленыя лябарантамі звычайна больш ахайныя, прычэсаныя і адпаведна больш падабаюцца людцам.

Пра Жылінскага думаю, ён проста ня ўмеў здымаць і сваё няўменьне шыфраваў праз калдаваньне пад чырвоным ліхтаром. Атрымлівалася як атрымлівалася. Любы мантаж/каляж пад дакумант — троху пашлаваты атрымліваецца. Такі ўжо жанар.

 
 
Name (required)
E-mail (required - never shown publicly)
URI
Subscribe to comments via email
Your Comment (smaller size | larger size)
You may use <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong> in your comment.