настольны тэніс. работа над памылкамі
Пазаўчора на трэніроўцы зусім нечакана ўрваў 1:7 (па партыях) ад дзяўчыны, якая гуляе ў клясічным абарончым стылі. Прычым у першых партыях сітуацыя выглядала зусім непрыемна – 2:11; 4:11; 2:11. Потым удалося крыху выраўняць гульню і нават узяць партыю. Мог бы і большага дамагчыся, каб не рабіў у кожным сеце па 2-3 памылкі на сваёй падачы.
Не скажу, што расчараваны вынікам. Паразы ад абаронцаў у большасьці выпадкаў палягаюць у тактыцы, а гульні зь імі звычайна атрымліваюцца прыгожымі. Доўгія розыгрышы зь нечаканымі разьвязкамі. За гэта і люблю тэніс.
Перамагаць абаронцаў можна. Толькі трэба ўвесь час у галаве трымаць плян на гульню.
-
I. Не думай перамагчы нагружаючы абаронцу бэкхэнд. Гэта бессэнсоўна. Гэта іх сільны бок. Мяч трэба дасылаць альбо на форхэнд, а лепш па цэнтру стала, у жывот.
II. Калі ў гульні з атакуючымі гульцамі самае галоўнае захапіць у розыгрышу ініцыятыву і першаму правесьці актыўны крок, то з абаронцы самі табе яе аддаюць. Але пачынаючы атаку трэба абавязкова ўяляць сабе яе працяг. Выйграць адным ўдарам ня выйдзе. Твой першы актыўны мяч (якім бы добрым ён ні быў) абаронца ў 90% выпадкаў верне.
III. Трэба памятаць, што абаронцы вяртаюць мячы зь ніжнім вярчэньнем і простая падстаўка, якая часта вельмі дарэчы ў гульні супраць нармальных тэнісістаў прывядзе да таго, што мячык зваліцца з ракеткі ў сярэдзіну сеткі. Пастаянна трэба прымушаць сябе дасылаць мячы зь верхнім вярчэньнем, альбо пераходзіць на падрэзкі.
IV. Калі лік 10:2, атакуючыя тэнісісты ў галаве пачынаюць рыхтавацца да наступнага сэту. Абаронца ж будзе змагацца да апошняга.Ён ня горш за цябе разумее, што перамагчы ў дадзенай партыі нерэальна. Але ў яго задачах паміж іншага стаіць як мага больш выматаць суперніка, каб расла колькасьць памылак на другім баку стала. Карацей, канцэнтрацыя павінна быць на кожны розыгрыш, якім бы тухлым ня быў лік.
V. Завяршаючыя ўдары (смэш) бі заўсёды з запасам. Чым часьцей будзеш дасылаць мячык на край стала, тым часьцей будзеш памыляцца. А яно табе трэба?
VI. І самае складанае. Памятаць пра усе гэтыя правілы пад час гульні.
Ну і бонус:
Юрий Арзуманян “Занимательный пинг-понг. Эпизод I: Джедаи отдыхают”
No comments yet.