пытаньні мовазнаўства (пра сінічак)
Невялічкая зацемка у Нашай Ніве пра выступленьне рэктара ЭГУ Міхайлава на адной з канфэрэнцыяў, спарадзіла даволі эмацыйную рэакцыю з боку прэслужбы ЭГУ, так і даволі бурлівае абмеркаваньне (гл. тут і тут) з удзелам незацікаўленых асобаў.
Мне на самой справе, абсалютна фіялетава, як ставіцца да беларускай мовы сп. Міхайлаў. Гэта яго прыватная справа. Цікавіць зусім іншы аспэкт гісторыі. Паводле ідэі, лінгвістыка і філасофія стаяць вельмі блізка. Але калі філасофы пачынаюць разважаць на тэмы мовазнаўства – хоць стой/хоць падай. У лепшым выпадку выходзіць канспэкт артыкула Марксизм и вопросы языкознания . Што тэзісы Міхайлава пра недаступнасьць беларускай мовы для высокай філасофіі, што прагоны яго калегі Адамянца, што глыбокатумныя цялегі Акудовіча на тэмы гістарычнага шляху беларускага народу – у лепшым выпадку тыя тэксты сьведчаць, што іх аўтары слаба рубяць ў прадмеце сваіх разважаньняў, паталягічна няздольныя да вядзеньня дыскусіі, і проста страшна задаволеныя сабой пэрсанажы.
Вышэйпералічаныя якасьці уласьцівы абсалютнай большасьці маіх знаёмых з філасофскай адукацыяй па абодва бакі беларуска-літоўскай мяжы. Ня ведаю, дзе сабака зарытая. Можа такіх людзей адбірабюць пры прыёме на філасофскі факультэт, магчыма гэтыя якасьці разьвіваюцца ў працэсе навучаньня. Грамадства безпадстаўна чакае адказаў па важныя для пытаньні ад людзей, якія ў лепшым выпадку здольныя растлумачыць розьніцу паміж Янам С. і Анёлам Д. З ходу ніяк не адрозьніць мысьляра ад выкладчыка гісторыі філасофіі.
Жыцьцё зьвяло мяне толькі з адным нармальным на галаву гадаванцам філасофскага факультэту. Мянушка ў яго была Бацявка. Тэму для дыплёмнай работы ён абраў забаўную. Узяў два тэксты пра птушку сінічку. Адзін належыў гуру літоўскай філасофіі А.Шлёгерысу і быў напісаны мэтамовай, другі – апавяданьне батаніка Тадаса Іванаўскаса для дзяцей. У выніку выявілася, што ў дзіцячым апавяданьні на 3 тыс. знакаў падаецца больш інфармацыі пра птушку, чым у даволі аб’ёмнай студыі напісанай філасофскім жаргонам. Дыплём Бацявка такі абараніў, аднак, ня гледзячы на прыкметныя акадэмічныя посьпехі навуковую кар’еру яму зрабіць не далі. Сьляды яго згубіліся гадоў 7 таму. Бацявка час ад часу дасылаў мне паштоўкі з Лазурнага берагу. Тады ён працаваў ў Ніццы на картоне (г.зн. жабракаваў). Ці прынамсі, спрабаваў мяне ў гэтым пераканаць.
No comments yet.