адна картачка і колькі слоў за фатаграфію пад катам
Так атрымалася, што сярод маіх сваякоў па матчынай лініі замнога фатографаў. Ці людзей, якія сябе такімі лічылі. Фатаграфаваць актыўна пачаў з 12 гадоў. Дзесьці ў 14 пачаў шалець ад Судэка, Родчанкі і т.п. Пра Саудэка тады яшчэ ніхто ня чуў. Тое, што я рабіў — мала каму ў Мугулёве падабалася. Больш таго, думаю, што пра дарэмны перавод стужкі, паперы і рэактываў мне ў вочы сваякі не казалі, толькі каб не траўмаваць дзіцячую псіхіку. Дзякуй ім за гэта.
Нейкія мае картачкі (выкананыя пад чуткім кіраўніцтвам сваякоў) друкаваліся ў мясцовым друку і нават давалі мне грошы на расходныя матэрыялы. Тое, што я рабіў для сябе — проста не было каму паказываць. Шчыра кажучы, мяне гэта тады мала хвалявала. Мне рупіла разгляданьне сьвету няродным вокам аб’ектыва.
Хаця пару маіх неяк картачак надрукавалі разам зь вершыкамі ў часопісе “Бярозка”, але вялікай ўпэўненасьці ў слушнасьці абранай сьцежкі не дало. Ці мала каго друкавалі ў “Бярозцы”?
Паступова жыцьцё пайшло такім кірункам, што фатаграфаваць ня меў асаблівай ахвоты. Запал прайшоў, ці штосьці такое. Абсалютны стоп прыйшоў пасьля таго, як трапіў на выставу Судэка. Аўтарскія адбіткі пад шклом не зрабілі і 1/100 таго ўражаньня, якое я атрымаў у дзяцінстве ад часопісных рэпрадукцыяў. А можа ў які іншы дзень гэта здарылася. Зараз ня так і важна. Актыўна _нефатаграфую_ даўно і асаблівых эмоцыяў з гэтай нагоды ў мяне, здаецца, няма.
На мінулым тыдні, калі быў у бацькоў крыху пасканаваў са старых негатываў, якія рабіў яшчэ 15 гадоў таму. Даволі дзіўнае і незнаёмае па гэты дзень уражаньне. Мне ня сорамна за тыя старыя картачкі. Больш таго, яны мне падабаюцца. Нават няёмка ў гэтым прызнавацца.

Ты очень хорошо делал фотографии и мне очень нравятся до сих пор.