сыбота
Учора выходзіў у горад. Тытуню купіць, вярнуць аднаму сябручку кніжкі, і меў намер схадзіць на прэм’еру фільма “Непераможны” Хэрцога, які здымаўся на Зарэччы.
Неяк усё адразу пайшло не па пляну. Тутынёвая крамка на Траку была зачыненая. Сябручок мой Далюс, якому я мусіў вярнуць кнігі быў у пахмельным стане. Пахмеляцца ён не зьбіраўся, але ахвотна згадзіўся пайсьці паглядзець тое кіна. Я думаў, што на таго Хэрцога ўсё Зарэчча прыпрэцца глядзець. Але я памыліўся. Нікога апрача нас там ні было. Затое, пакуль мы сядзелі ў кафэтэрыі кінаціатру Летува і чакалі пачатку сэансу за наш столік прысеў Юргіс Кунчынас. Гэта такі ціпа жывы клясык літоўскай літ-ры. Я ў яго з год таму браў інцярвью для радзіва. Праўда, Кунчынас таксама зарачанскі дзядзька. Мы зь ім пагаварылі пра выдавецкую дзейнасьць “Літоўскай пошты”. Далюс прыставаў да яго з дурацкімі пытаньнямі пра творчыя пляны, і дзядзечка вельмі хутка дабіў сваю каву і зьбег. У фае таксама сустрэлі кульгаючага Тарасава. Ён са мной павітаўся і за 30 сэк. пасьпеў задаць мульён пытаньняў пра тое, як доўга А.Л. будзе заставацца пры ўладзе. Ну што я яму мог адказаць?
Кінчык мы паглядзелі. Вельмі прыкольна было глядзець на Зарэчча зь вялікага экрану. Таксама пару разоў прамільгнулі знаёмыя твары. Зрэшты, фільм калі й спадабаўся, то толькі дзякуючы зарачанскім дэкарацыям. Такое прыгожае паданьне пра жыдоўскага волата з Ост Поланд, з процьмай правалаў па фактуры, з абсалютна бяздарнай гульнёй выканаўцы гадоўнай ролі і г.д. Шаблён на шаблёне. Няма таго драйву, той напругі якую ствараў у ягоных фільмах Клаўс Кінскі. На размову з Хэрцагам мы не засталіся. Пайшлі у “Максіму” я купіць тытуню, Далюс — кібінай і піва. Калі выходзілі з крамы – пачаўся дождж. Вымушаны былі стаяць пад навесам і чакаць яго заканчэньня. На паркоўцы было безьліч машын зь беларускімі нумарамі. І яшчэ адзін менскі аўтобус зь дзецьмі і, трэба думаць, настаўніцамі зь Менску. Вадзіла кожныя пяць хвілін выходзіў на сьвежае паветра курыць і громна лаяўся на тое, што ён яшчэ ні разу ад гэтай крамы сваечасова не ад’ехаў. Недзе хв. праз 15 зьявіліся настаўніцы зь цялежкамі. Цялежкі былі загружаны ўпакоўкамі з сокам. Пасьля таго як растлумачыў Далюсу, навошта беларускім настаўніцам столькі апэльсінавага соку – дождж скончыўся і мы разьвіталіся.
No comments yet.